ВЕШЧУНЫ ПЕРАМОГІ



Самалёт у небе з чырвонымі зоркамі на фюзеляжы і крылах у час Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся не толькі для жыхароў акупіраваных гітлераўцамі тэрыторый, але і для байцоў Чырвонай Арміі сімвалам надзеі, вешчуном немінучай Перамогі. Ваенных лётчыкаў савецкія людзі заўсёды атаясамлялі з героямі, адносіны да іх былі нязменна паважлівымі і чулымі.

  • Вось тут, пад гэтым абеліскам, перазахаваны астанкі безыменных лётчыкаў, якія загінулі непадалёку, - паказвае на брацкую магілу паблізу сваёй хаты жыхар вёскі Нежкаў 74-гадовы Васіль Савіцкі. – Іх прывезлі аднекуль у трунах. Калі адчынілі накрыўкі, то загорнутыя ў парашуты целы літаральна на вачах пачалі асядаць. Я стаяў побач і ўсё бачыў.

У той час Васілю Кірылавічу было крыху больш за дзесяць год і дзіцячыя ўражанні не захавалі канкрэтыкі падзеі. Ні імёнаў лётчыкаў, ні іншых дэталей ён, натуральна, не ведае. Але прысутнічала там таксама мясцовая жыхарка Матруна Мурашкевіч, якая нарадзілася ў 1917 годзе. Сталая, ужо замужняя ў той час, жанчына расказала больш.

  • Лётчыкаў было чацвёра, — успамінае Матруна Яфімаўна. – Прывезлі іх з Лямніцы, Мікалаеўкі і Рафалава, дзе яны пакоіліся пасля гібелі. Перазахаваннем займаліся таксама воіны Ваенна-Паветраных Сіл. Калі мы пачалі дапытвацца аб імёнах загінуўшых, то ніхто нічога канкрэтнага сказаць не мог.

Ні мясцовыя краязнаўцы, ні школьныя следапыты таксама не ведаюць сёння імёнаў тых, хто перазахаваны пад абеліскам на ўзгорку вёскі Нежкаў. І гэта ў нейкай ступені зразумела, бо па-рознаму гінулі лётчыкі. Адны, згараючы ў самалётах, у крутым піке ўразаліся ў зямлю. Іншыя спрабавалі дацягнуць на падбітай машыне да сваіх і падалі там, дзе адказаў матор: у возера ці балота, на густы лес ці ў чыстае поле. А бывала, што лётчыкаў, штурманаў і паветраных стралкоў, якія скокнулі з ахопленага полымем самалёта на парашутах, рашэцілі кулямі нямецкія аўтаматчыкі, на зямлі вымалі дакументы і медальёны, а целы кідалі. Мясцовыя жыхары хавалі безыменных герояў. Яны і сёння лічацца ў безнадзейным спісе тых, хто не вярнуўся з баявога задання.

4 мая мне патрапіўся на вочы артыкул Мікалая Качука “Засланілі сабой неба”, які надрукавала газета “Беларусь сёння”. У прыватнасці, аўтар піша: “24 чэрвеня 1944 года каля вёскі Сухары (27 кіламетраў ад Магілёва, а ад вёскі Нежкаў напрамую і таго менш, – В.Д.) загінулі два экіпажы 7-га гвардзейскага палка: лётчык – гвардыі старшы лейтэнант Георгій Ляшэнка, паветраны стралок – гвардыі малодшы сяржант Уладзімір Чацверыкоў і лётчык – гвардыі старшына Іван Прасянік, паветраны стралок – гвардыі яфрэйтар Васіль Марозаў. Сёння ў спісах пахаваных лічацца толькі Ляшэнка і Прасянік. ... Паветраных стралкоў у гэтым пераліку чамусьці няма.” І далей. “26 чэрвеня 1944 года падчас штурмоўкі нямецкай калоны ў раёне вёсак Дружба-Горбавічы-Грышанава (таксама пад Магілёвам, – В.Д.) атакаваны “месерамі” і не вярнуліся на свой аэрадром лётчык – гвардыі малодшы лейтэнант Аляксандр Пронін і паветраны стралок – гвардыі яфрэйтар Віктар Петрычэнка. Месца захавання экіпажа невядомае”. Безумоўна, гэтыя звесткі з’яўляюцца толькі ўскосным сведчаннем, асабіста маёй версіяй таго, што пад помнікам у вёсцы Нежкаў знайшлі свой вечны спакой лётчык Аляксандр Пронін і паветраныя стралкі Віктар Петрычэнка, Васіль Марозаў і Уладзімір Чацверыкоў. Магчыма, гэта менавіта іх астанкі, загорнутыя ў парашуты, і бачылі ў час перазахавання сённяшнія жывыя сведкі Васіль Савіцкі і Матруна Мурашкевіч. У любым выпадку, мы нізка схіляем галовы перад светлай памяццю герояў, што загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Вечная ім слава!

Васіль Дзеравяшка

 
 
    Назад на главную