І.Г.ДРУГАЧОНКАЎ

“ТРЫВОЖНЫХ ВОДБЛІСКАЎ ВАЙНЫ МНЕ НЕ ЗАБЫЦЬ ДА САМАЙ СМЕРЦІ…”



З успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны

“Я нарадзіўся ў вёсцы Вішоў у простай сялянскай сям’і.
У 1939 годзе мяне прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Служыць давялося на Каўказе і ў Сталінградзе.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, наша ваенная часць размяшчалася ў Баку. Менавіта адсюль нас перакінулі на Заходні фронт, які абараняў подступы да Масквы.

Ля горада Ельня гітлераўцы ў каторы раз спрабавалі прарваць лінію нашай абароны. Кожны з воінаў даў клятву: “Стаяць на смерць! Ні кроку назад!”. А немцы бесперапынна наносілі бомбавыя ўдары па нашых пазіцыях. У гэтай надзвычай складанай сітуацыі камандаванне загадала зрабіць прарыў ва ўмацаваннях праціўніка і тым самым даць магчымасць нашым войскам рухацца наперад. Неадкладна была створана парашутна-дэсантная група з чырвонаармейцаў, у якую трапіў і я. Нас закінулі ў тыл ворага. Мы ўдала прызямліліся недалёка ад Ельні і сталі асцярожна прабірацца ў напрамку варожых умацаванняў, уступаючы ў жорсткія схваткі з гітлераўцамі. Хаця і вялікай цаной, але мы расчысцілі дарогу сваім вайсковым часцям, якія трымалі кірунак на Смаленск. Менавіта за ўдзел у парашутна-дзесантнай аперацыі і праяўленую мужнасць я быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.
А вось яшчэ адзін эпізод. Наша стралковая дывізія заняла Спас-Дземенск. У ходзе гэтай аперацыі было захоплена шмат нямецкай тэхнікі. Але фашысты не спынялі абстрэл горада. Нашаму камандаванню трэба было ведаць, якая колькасць варожых войск сканцэнтравана ў раёне Цярэніна. Дзеля гэтага нам загадалі даставіць “языка”. Халоднай восеньскай ноччу 1943 года дванаццаць чырвонаармейцаў адправіліся на баявое заданне. Паўзлі па прамёрзлай зямлі паблізу кустарнікаў і варонак ад узрываў. І вось да нас данеслася чужая мова. Працяглы час нам прыйшлося ляжаць моўчкі, не варушыліся, пакуль не заціхлі варожыя галасы. Потым зноў папаўзлі наперад і наблізіліся да бліндажа, дзе размяшчаліся гітлераўцы… З задання вярнуліся не адны. Разам са здабытымі трафеямі даставілі ў штаб камандавання “языка”, ад якога даведаліся, колькі варожых войскаў і баявой тэхнікі сканцэнтравана на подступах да Смаленска. За выкананне гэтага баявога задання мяне ўзнагародзілі медалём “За адвагу”.
У далейшым мне давялося ўдзельнічаць у Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 года. За пряўлены гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі мяне нават прадставілі да ўзнагароджання другім ордэнам Славы. Але, на жаль, яго не прыйшлося атрымаць, бо ў віцебскім “катле” згубіліся мае дакументы.

… Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну.”
 
 
    Назад на главную