ЕРМАЛАВІЦКІ ЛАГЕР ВАЕННАПАЛОННЫХ



У пачатку вайны ў ходзе баёў на Бялыніччыне ў Магілёўскім напрамку немцам патрабавалася недзе ўтрымліваць паланёных імі чырвонаармейцаў, байцоў народнага апалчэння. Менавіта таму гітлераўцы і стварылі ў вёсцы Ермалавічы заборна-перасыльны пункт, які неўзабаве быў ператвораны ў лагер.
Упамінанне аб ім можна знайсці ў даведніку “Лагеры савецкіх ваеннапалонных у Беларусі, 1941-1944 гады”, выдадзеным у 2003 годзе і перавыдадзеным у 2004 годзе Камітэтам па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Беларусі і Беларускім рэспубліканскім фондам “Узаемаразуменне і прымірэнне”. Катэгорыя, нумар і час яго існавання не пазначаны. І наогул, існаванне лагера ваеннапалонных у Ермалавічах доўгі час не прызнавалася, бо інфармацыі аб ім было недастаткова.
Пісьмовае ўпамінанне аб гэтым лагеры можна знайсці і ў кнізе Марыі Супрун “Іх парадніла барацьба” ва ўспамінах удзельніка абароны Магілёва ў ліпені 1941 года і падпольшчыка Андрэя Шубадзёрава.
У час аблавы па даносе здрадніка Андрэя Ісакавіча разам з іншымі кінулі ў вялікую крытую аўтамашыну і даставілі ў лагер ваеннапалонных у вёску Ермалавічы. Было гэта напрыканцы ліпеня 1941 года.
Андрэй Шубадзёраў успамінае: “Канваір загадаў нам стаць у калону. Мы моўчкі пайшлі па пыльнай прасёлачнай дарозе. Наперадзе паказалася вялікая пустка, абнесеная калючым дротам, па кутах яе стаялі назіральныя вышкі, на якіх знаходзіліся ўзброеныя кулямётамі немцы. За абгароджай хадзілі, сядзелі і ляжалі на пажухлай траве людзі. Схавацца ад пякучых прамянёў сонца не было ідзе: ні дрэўца, ні кусціка, ні адзінай пабудовы”.
У фондах Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Магілёўскай вобласці захоўваюцца пратаколы пасяджэнняў бюро абкама КПБ па разглядзе спраў членаў і кандыдатаў у члены партыі, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіліся ў Ермалавіцкім лагеры ваеннапалонных. Па гэтых дакументах прасочваюцца тэрміны ўтрымання паланёных у лагеры. Напрыканцы снежня 1944 года на пасяджэнні бюро абкама партыі разглядалася пытанне аб выдачы Андрэю Пухоўскаму новага партбілета ўзамен знішчанага. Было ўстаноўлена, што 27 ліпеня 1941 года А.І.Пухоўскі патрапіў у палон да фашыстаў і быў накіраваны ў лагер ваеннапалонных у вёску Ермалавічы, ў якім прабыў адзін дзень і ўцёк у вёску Кудзін. Напачатку 1945 года бюро разгледзела справу Марка Філімонава, які патрапіў у палон 26 ліпеня 1941 года і таксама ўтрымліваўся ў Ермалавіцкім лагеры. Чатыры дні знаходзіўся ў гэтым лагеры і чырвонаармеец Адам Марозаў, якога 29 ліпеня 1941 года пры пераправе праз Днепр паранілі фашысты. З лагера яму ўдалося ўцекчы ў вёску Камяніца.
Асаблівую цікавасць уяўляе пратакол № 128 пасяджэння бюро абкама партыі ад 31 жніўня 1945 года аб выдачы Пятру Рудзько новай кандыдацкай карткі ўзамен знішчанай. Было ўстаноўлена, што ён патрапіў да немцаў у палон каля Магілёва ў канцы ліпеня 1941 года. Накіраваны быў у Ермалавіцкі лагер, дзе знаходзіўся да 30 кастрычніка гэтага ж года. Са справы Васіля Рабчанкі вядома, што з групай палонных чырвонаармейцаў ён у кастрычніку 1941 года быў этапіраваны з Лупалаўскага лагера ў Ермалавіцкі і ўцёк ад фашыстаў па дарозе.
На падставе прыведзеных дакументаў можна зрабіць выснову, што лагер для палонных чырвонаармейцаў у Ермалавічах існаваў, па меншай меры, з канца ліпеня па снежань 1941 года. Блытаніна з класіфікацыяй яго ўзнікла па той прычыне, што ў лагеры разам з паланёнымі чырвонаармейцамі ўтрымліваліся і байцы народнага апалчэння, якія абаранялі горад Магілёў.
Застаюцца пакуль невысветленымі ні тэрмін ліквідацыі лагера, ні месца пахавання памерлых у ім. На жаль, не вядомыя і спісы загінулых палонных, якія ўтрымліваліся ў гэтым лагеры. Адшукаць іх вельмі цяжка, бо невядомыя нумар лагера і яго класіфікацыя.

Анатоль Марозаў,
кіраўнік пошукавай групы “Следапыт” ДУА “Свяцілавіцкі ВПК ДССШ”

 
 
    Назад на главную