КАРАЛЁЎ ПЁТР ВАСІЛЬЕВІЧ
"
АДЗІН З МНОГІХ"



У многіх сем’ях захоўваюцца рэліквіі далёкіх гадоў – фотакарткі тых, хто больш не прыйдзе, не сядзе за стол. Ёсць дарагая фотакартка і ў сям’і Каралёвых. Пяць сыноў-камсамольцаў пасылаў біць ворагаў Васіль Сямёнавіч, ветэран грамадзянскай вайны. Чацвёра дамоў не вярнуліся. Сярод іх і Пётр.
З фотаздымка глядзяць прамяністыя, улюблёныя ў жыццё вочы юнака. А вось бацька трымае ў руках паведамленне Беларускага штаба партызанскага руху: “Ваш сын, Пётр Васільевіч Каралёў, 20 сакавіка 1943 года загінуў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.
Малады настаўнік, сын калгасніка з вёскі Голубаўка Вішоўскага сельсавета, з першых дзён вайны выбраў шлях барацьбы. Пётр Каралёў стаў арганізатарам камсамольскай моладзі вёсак Рафалава, Голубаўка, Гняздзін, Навасёлкі. Аднавіў старыя знаёмствы ў Магілёве, дзе з таварышамі слухалі радыё, запісвалі зводкі Савінфармбюро. А наўзаўтра пісаныя ад рукі лістоўкі расказвалі людзям праўду аб становішчы на франтах. Лістоўкі з’яўляліся ў многіх варожых гарнізонах.
Пётр Каралёў у Рафалаўскай валасной управе раздабыў патрэбныя бланкі. Гэта аблегчыла паездкі ў Магілёў і навакольныя вёскі. Яшчэ больш прыбавілася энергіі, калі юнак стаў сувязным адразу двух партызанскіх атрадаў – 10-га і 122-га.
Неаднаразова прабіраўся ён у Нежкаўскі гарнізон, прыносіў адтуль разведданыя. Асабліва паспяховай была адна з паездак у Магілёў. Разам з камсамольцам Іванам Бекам Пятру ўдалося раздабыць і ў санях з двайным дном вывезці з горада некалькі вінтовак, аўтаматаў, пісталетаў і патроны. Зброя і боепрыпасы былі перададзены ў партызанскі атрад.
У пачатку 1943 года, калі навісла пагроза арышту, Пётр Каралёў пайшоў у 122-гі партызанскі полк “За Радзіму”. Тут ён паказаў сябе смелым разведчыкам, удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў у Пашкаве і Княжыцах. Сакратар падпольнага райкама камсамола Карней Калакустаў ставіў не раз у прыклад другім  мужнасць Пятра, яго  высокія баявыя якасці.
Трагічнай ноччу з 19 на 20 сакавіка 1943 года партызанскі ўзвод пайшоў на выкананне баявога задання ў раён вёскі Вішоў. Як заўсёды, Пётр Каралёў пайшоў у разведку. Назад ён не вярнуўся. Каля аднаго з дамоў на яго нечакана накінуліся паліцаі. Юнаку скруцілі рукі і павялі ў Нежкаўскі гарнізон. Катаваннямі і здзекамі фашысты хацелі прымусіць яго расказаць аб месцы знаходжання партызан. Патрыёт не выдаў тайну. “Усё роўна вам будзе канец, гады!”- былі апошнія словы камсамольца. Ранкам ворагі растралялі Пятра Каралёва на ўскрайку вёскі.
На могілках у вёсцы Голубаўка пахавалі Пятра Каралёва – патрыёта сваёй Айчыны, на прыкладзе якога трэба вучыцца стойкасці, адданасці і любві да маці-Радзімы.

Л.Высоцкі,
былы партызан 760-га камсамольскага атрада імя М.Беразоўскага

 
 
    Назад на главную