БЯСЦЭННАЯ АЛЯКСАНДРА ІВАНАЎНА



Аляксандра Іванаўна нарадзілася 20 верасня 1922 года ў Тамбоўскай вобласці ў сям’і ваеннаслужачых. Дзяцей у  сям’і было трое: Аляксандра, Марыя і Лявон. Рана застаўшыся без бацькоў – маці памерла, а бацька загінуў у выніку няшчаснага выпадку – дзеці аказаліся на выхаванні дзядулі і бабулі. Але пад час калектывізацыі дзядулю і бабулю раскулачылі, а дзяцей адправілі ў дзіцячы дом. Так, Аляксандра Іванаўна апынулася у Малахаўскім дзіцячым доме Маскоўскай вобласці, дзе выхоўвалася да шаснаццаці гадоў. Там жа яна скончыла і сямігодку. У дзіцячым доме Аляксандра Іванаўна сярод сваіх сяброў згадвае і будучую актрысу Рыну Зялёную.
У 1938 годзе маладая дзяўчына пачала сваю працоўную  дзейнасць вязальшчыцай на фабрыцы імя Розы Люксембург. У 1940 годзе Аляксандра ў ліку лепшых работніц фабрыкі была напраўлена на курсы медсясцёр. Пасля іх заканчэння яна праходзіла практыку на Загорскім ФАПе, а калі пачалася вайна адразу трапіла на фронт.
З успамінаў Аляксандры Іванаўны:
“Пачатак вайны я сустрэла на працы. Я была ваеннаабавязанай і сумневаў не было ў тым, што мой ўдзел у ваенных дзеяннях будзе неабходным. Памятаю, як прадстаўнік Савецкай ўлады прынёс нам з сяброўкамі павесткі і запытаў: “А што ж вы на вайне такія маладыя будзеце рабіць?”. А я адказала яму:”Біць ворага і служыць Айчыне!”. З ваенкамата мяне адправілі ў Вільнюс, дзе фарміраваўся ІІІ-ці  Беларускі фронт пад камандаваннем І.Чарняхоўскага і зачыслілі ў адну з дывізій медсястрой. Чаго мы толькі не бачылі! І слёзы, і бамбёжкі, і смерць… Аднойчы немцы акружылі нас пад Рыгай. Мы, санітары, не спалі другія суткі, было шмат параненых, заканчваліся прадукты харчавання, запасы медыкаментаў. Мы ўсе стараліся быць цярплівымі і спакойнымі, падыходзілі да кожнага параненага і прасілі іх пацярпець, абяцалі, што нас у хуткім часе выведуць з акружэння. Адзін паранены салдат – Барыс Ягоравіч – узяў мяне за руку і сказаў: “Якая ж ты смелая, вось бы мне такую жонку. Вось пераможам немцаў і я на табе пажанюся”. З таго дня мы не гублялі з ім сувязі. У далейшым ён з часцямі Чырвонай Арміі дайшоў да Нарвегіі. А ў 1946 годзе вярнуўся да мяне і мы пажаніліся.
Але гэта было потым. А пакуль асабліва цяжка было пад Вязьмай. Баі ішлі бесперапынна. Было вельмі многа параненых, забітых байцоў. Памерлых ад ран прыходзілася хараніць нам, медсёстрам. Пад Вязьмай наша дывізія стаяла доўгі час. Салдаты пасля папраўкі зноў ішлі на фронт. Усе людзі верылі ў Перамогу. Шкада было загінуўшых і памерлых ад ран, якія так і не дачакаліся яе. Перамогу наша дывізія сустрэла ў Вільнюсе. Радасць таго моманту нельга перадаць…”
Пасля вайны Аляксандра Іванаўна вярнулася на фабрыку і працягвала працаваць вязальшчыцай. У 1946 годзе сустрэлася з Бясцэнным Барысам Ягоравічам і яны пераехалі на яго радзіму ў Беларусь. А ў 1947 годзе маладыя людзі пабраліся шлюбам і ў любове і згодзе пражылі 58 гадоў.
 Спачатку сям’я Бясцэнных жыла ў вёсцы Астравок Касцюковіцкага раёна: тут пабудавалі дом, нарадзілі і выхавалі 5 дзяцей (3 дачкі і 2 сына). Доўгі час працавалі ў калгасе “Астравок”, трымалі ўласную гаспадарку, займаліся вязаннем, пляценнем. Дзеці выраслі. Дачка Ліда пераехала ў Магілёў, сын Сяргей – ў Мінск, Валерый – ў Ленінград, а дзве старэйшыя дачкі Валянціна і Надзея засталіся жыць у адной вёсцы з бацькамі. Спадзявалася Аляксандра Іванаўна тут з мужам і старасць сустрэць, але прыйшла новая бяда – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Вёска Астравок папала пад адсяленне. Неўзабаве Аляксандра Іванаўна і Барыс Ягоравіч з дачкамі Валянцінай і Надзеяй апынуліся ў вёсцы Вішоў.
У Бясцэнных 20 ўнукаў, шмат праўнукаў і прапраўнукаў. А на пытанне “У чым заключаецца шчасце?” Аляксандра Іванаўна адказвала: “Шчасце – гэта калі на зямлі мір і не бачыш смерці, калі ёсць дах над галавой, а разам з табой  родныя людзі.”
У Бясцэнных шмат узнагарод, грамат і падзяк. Не гледзячы на сталы ўзрост, яны былі частымі гасцямі ў Вішоўскай школе і заўсёды наведвалі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі, якія ладзіліся ў мясцовым Доме культуры.

 
 
    Назад на главную